Круглы  стол “Мова – жывая душа народа”

16.02.2019

Сто гадоў шукай другой красы,

А тым больш, што свет зусім не вузкі.

Ды калі ты не бязродны сын,

Гавары са мной па-беларуску.

Я. Янішчыц. 

 У календары ёсць такое свята - Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначаецца штогод 21 лютага. 3 ініцыятывай увесці такі дзень выступіла краіна Бангладэш: 21 лютага 1957 г., адстойваючы права вучыцца на роднай мове, там загінулі пяцёра студэнтаў. Больш за шэсць тысяч моў налічваецца  ў  нашым  рознакаляровым і рознагалосым свеце. Палова з іх пад пагрозай знікнення. Менавіта  дзеля  іх  захавання  ЮНЕСКА  і  абвясціла Дзень  роднай  мовы, каб хоць аднойчы на год на іх  загаварылі, пра  іх  успомнілі.

 

Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта. І беларусы не выключэнне. Нам у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная.

16.02.2019 г. ва ўстанове адукацыі для вучняў 1 – 9 класаў адбылося свята, прысвечанае Міжнароднаму дню  роднай мовы. Цёплымі і шчырымі словамі Я. Янішчыц пра родную мову, якія сталі эпіграфам да ўсяго мерапрыемства, пачаўся круглы стол “Мова – жывая душа народа”, мэтай якога было пашырыць веды вучняў аб паходжанні і асноўных этапах станаўлення сучаснай беларускай літаратурнай мовы, а таксама  даць ім магчымасць выказаць сваю любоў да мовы, усвядоміць значнасць і неабходнасць захавання традыцый, гісторыі і культуры свайго народа, бо мова - душа народа, плён працы многіх пакаленняў, люстэрка духоўнага жыцця, наш галоўны нацыянальны скарб.

Пявучая, мілагучная беларуская мова гучала з вуснаў навучэнцаў у народных  песнях, вершах і  выказванняў беларускіх пісьменнікаў, трапных выслоўях: фразеалагізмах і прымаўках. Ва ўтульнай атмасферы прамаўляліся палымяныя прызнанні: мова – вопратка душы, мова – сіла і натхненне, мова – жыццё народа…

Вучні  з задавальненнем прынялі ўдзел у конкурснай гульні – віктарыне, у якую ўвайшлі дыферэнцыраваныя інтэлектуальныя заданні, якія выконваліся навучэнцамі жвава і энергічна. Самым малодшым вучням дапамагалі памочнікі – навучэнцы старэйшых класаў. Журы конкурснай праграмы, у склад якога ўвайшлі настаўнік рускай мовы і літаратуры Дубініна  В.А. і  выпускніца  ўстановы   адукацыі, студэнтка   БДУ  Барысевіч Д.А., сачыла  за  выкананнем  навучэнцамі  заданняў, і адзначыла іх добрыя веды  па беларускай мове. Усе ўдзельнікі свята атрымалі салодкія бонусы з чароўнага кошыка падарункаў.   

Мерапрыемства закончылася словамі вядучага свята, настаўніка беларускай мовы і літаратуры Захаравай А.Г.: “Будзьце разам з тымі, хто думае пра будучыню роднай мовы. Размаўляйце па-беларуску, размаўляйце па-нашаму, размаўляйце  з  прыветнай усмешкай, з пяшчотай на вуснах -- і нашай  мовай  захочуць гаварыць іншыя. I не саромцеся недасканалай гаворкі. Ведайце: учора вы яшчэ не гаварылі па-беларуску, сёння размаўляеце на “трасянцы”, а заўтра будзеце гаварыць на чыстай літаратурнай  беларускай  мове”.

З самага нараджэння дзіця чуе голас маці, якая аберагае яго ад усяго дрэннага ў свеце. Наша родная старонка, як наша маці – хоча каб мы заставаліся вольнымі ўладальнікамі свайго жыцця. Гэта магчыма, калі мы будзем шанаваць нашыя карані, тое, што трымае нас, робіць нас НАЦЫЯЙ. Мова, традыцыі, нацыянальныя каштоўнасці – наш скарб, якім мы павінны ганарыцца і ніколі не адракацца. Кожны чалавек павінен ведаць родную мову, спяваць народныя песні, ведаць, як з веку ў век святкавалі святы ў нашым краі, любіць родныя мясціны, сваю Радзіму – Беларусь.

А.Г.Захарава,

настаўнік  беларускай мовы і літаратуры