Інтэлектуальнае ток-шоу «Слова пра Беларусь»

05.05.2018

Ніводны чалавек на Зямлі не валодае абсалютнымі ведамі ва ўсіх сферах ...

А вось хто са школьнікаў можа пахваліцца шырокай эрудыцыяй, кемлівасцю, ініцыятыўнасцю і ў дадатак творчымі здольнасцямі па беларускай мове і літаратуры было высветлена 5 мая ў рамках інтэлектуальнага ток - шоу «Слова пра Беларусь».

Удзельнікамі конкурсу сталі вучні 3 - 9 класаў. Для падліку балаў была выбрана падліковая камісія, у якую ўвайшлі вучаніца 8 класа Калесніковіч Ангеліна і вучаніца 9 класа Музычка Святлана. Удзельнікамі гульні – ток-шоу сталі выбраныя вучнямі прадстаўнікі ад кожнага класа. Гульня складалася з 7 тураў. Заданні адпавядалі ўзроставай катэгорыі вучняў.

У першым туры “Смак беларускіх слоў” удзельнікам патрэбна было ўзгадаць назвы прадметаў па-беларуску. Кожнае слова было прадстаўлена малюнкамі ці камп’ютарнымі выявамі. За правільны адказ можна было атрымаць 2 балы, з падказкай – 1 бал. Колькасць атрыманых балаў у наяўнасці пацвярджалася смачнымі бонусамі.

У другім туры “Таямніцы мовы” было зададзена 7 пытанняў з трыма варыянтамі адказаў па раздзелах мовазнаўства. Вучні выбралі “Назоўнік”.

Праверыць не толькі свае веды, але і хуткасць адказу давялося ўдзельнікам і ў трэцім туры “Беларускія пісьменнікі і іх творы”. Вучні павінны былі з першага пытання здагадацца аб якім вядомым пісьменніку ідзе размова. Калі гэтага не адбывалася давалася другая спроба, трэцяя, чацвёртая… Далей патрэбна было назваць, на якім з прапанаваных партрэтаў названы беларускі пісьменнік, назваць яго вядомыя творы, якія чыталі.

У чацвёртым туры “Самыя - самыя” дзеці адказвалі на такія пытанні, як: які самы старажытны горад Беларусі, якое самае глыбокае беларускае возера, які самы вялікі нацыянальны парк Беларусі і інш. Гульцы паспяхова справіліся з заданнямі.

Пяты тур “Беларуская этнаграфія” складаўся з задання назваць прадстаўленыя прадметы са школьнага этнаграфічнага вугалка і растлумачыць, з якой мэтай і для чаго яны выкарыстоўваліся ў побыце і адзенні беларусаў у мінулым і выкарыстоўваюцца ў сучасны час.

Заданні шостага тура “Беларуская міфалогія і фальклор” вызвалі ў школьнікаў задумлівасць і разважлівасць. Пры адказе на пытанні вучні аналізавалі свае адказы, давалі каментарыі адказам іншых удзельнікаў.

Але самым цікавым і ў той жа час складаным стаў музычны этап сёмага тура “Беларуская песня”. Удзельнікі павінны былі адгадаць назву праслуханай песні і назваць яе выканаўца. Аказалася, што вучні недастаткова ведаюць беларускую эстраду, яе спевакоў і выканаўцаў, але яны з вялікім напружаннем і інтарэсам спрабавалі выканаць заданні данага тура.

Дзеці з хваляваннем, але і з вялікай цікавасцю выконвалі ўсе заданні. Калі не атрымоўвалася даць адказ удзельнікам гульні, то ў ёй прымалі ўдзел і давалі свой варыянт адказу прысутныя на мерапрыемсве вучні.

Па выніку інтэлектуальнай шоу-праграмы «Слова пра Беларусь» пераможцам стаў дзевяцікласнік Салтыкоў Аляксандр, які набраў найбольшую колькасць балаў. Усе ўдзельнікі гульні атрымалі заслужаныя дыпломы, а таксама салодкія прызы.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры А.Г.Захарава