“Паэт народны – паэт сапраўдны”

26.11.2016

   9 снежня 2016 года  адзначаецца 125 – годдзе з  дня нараджэння Максіма Багдановіча, якога  называюць  песняром красы і гармоніі. Зіхатлівая зорка паэзіі М. Багдановіча і праз цэлыя стагоддзі працягвае свяціць над роднай зямлёй усё ярчэй і ярчэй. У гэтым упэўніліся вучні нашай школы, якія 26  лістапада  ў рамках свята “Паэт  “народны” – паэт сапраўдны”  прайшліся па цярністых жыццёвых сцежках паэта-класіка, паэта-мастака, паэта-пакутніка, з прыемнасцю акунуліся ў незабыўны духмяны водар Максімавага радка.

   Удзельнікі мерапрыемства, вучні 5 – 9 класаў,  з цікавасцю слухалі аповед настаўніка беларускай мовы і літаратуры  пра жыццё  і  творчасць пісьменніка,  у рамках завочнай вандроўкі (прагляда прэзентацыі) па мясцінах М. Багдановіча “Пясняр зямлі беларускай”  пазнаёміліся са знакавымі  мясцінамі ў жыцці паэта, даведаліся, што за кароткія 25 гадоў жыцця класік беларускай літаратуры паспеў не толькі пакінуць багатую творчую спадчыну, стаць адным са стваральнікаў літаратурнай беларускай мовы, праславіцца далёка за межамі сваёй радзімы, але пажыць і ў Беларусі, і ў Расіі,  і ва Украіне. І кожны з гарадоў, дзе праходзіла жыццё паэта, захоўвае добрую памяць аб ім.

   Падчас мерапрыемства вучні былі падзелены на тры каманды “Васількі”, “Літаратары”  і “Вянок”. Яны  адказвалі на пытанні, адгадвалі творы, чыталі вершы. Усе конкурсы былі тэматычна звязаны з творчым і жыццёвым шляхам паэта,  якія пашыралі веды і  кругагляд вучняў, садзейнічалі больш глыбокаму вывучэнню літаратурнай спадчыны М. Багдановіча, узбагацілі ўнутраны свет навучэнцаў, спрыялі выхаванню пачуцця нацыянальнай годнасці і гонару за сваю Радзіму  і за яе геніяльных творцаў. Узнёсламу і ўрачыстаму настрою на свяце садзейнічалі музычныя кампазіцыі на вершы Багдановіча, флэш – акцыя “Чытаем на памяць творы Багдановіча”.

   Закончылася мерапрыемства   віктарынай  “Ці  ведаеце  вы  Багдановіча …?” , у  якой школьнікі  паказалі добрыя веды аб жыццёвым і творчым шляху паэта. Перамаглі ў гэтым інтэлектуальным спаборніцтве  навучэнцы з каманды “Вянок” (вучні 8 – 9 класаў). Напрыканцы  мерапрыемства прайшло  ўзнагароджванне  ўдзельнікаў спаборніцтва.

   Багдановіч - надзвычай тонкі лірык. Яго паэзія багатая шчырымі і хвалюючымі  пачуццямі. Пра што б ні пісаў Максім Багдановіч: пра лёс Радзімы і народа, пра родную прыроду, пра каханне, - творы яго гучаць свежа, хвалююча, надзвычай прыгожа. Ужо прайшло болей стагоддзя, а яго рамантычны вобраз і незабыўныя творы, як і раней, кранаюць да глыбіні душы. Думаецца так будзе і надалей!..