Літаратурная  інтэрнэт-гасцёўня “Загадка Багдановіча”

11.12.2021

У шосты школьны дзень 11.12.2021 года  ва ўстанове адукацыі змястоўна, ярка і запамінальна  для  вучняў  5-9  класаў прайшла  літаратурная  інтэрнэт-гасцёўня “Загадка Багдановіча”, прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння пісьменніка. 

Максім Багдановіч — гонар і слава беларускай літаратуры, адзін з самых знакамітых і любімых паэтаў. Ён вядомы як паэт-наватар, празаік, цудоўны перакладчык, тонкі і ўдумлівы крытык, гісторык і тэарэтык літаратуры, публіцыст. 

Вучні даведаліся пра цікавыя звесткі з жыцця паэта, гаварылі аб незвычайным літаратурным таленце М.Багдановіча, калектыўна прачыталі вершы паэта: “Зімой”, знакамітую "Зорка Венера" (верш “Раманс”), “Па-над белым пухам вішняў”. Падчас мерапрыемства гучалі вершы і выказванні беларускіх пісьменнікаў, прысвечаныя Багдановічу.

У рамках падрыхтоўкі да мерапрыемства  вучням патрэбна было  адказаць на пытанні віктарыны, якая ўключала 12 пытанняў аб жыцці і творчасці паэта. Адказы на пытанні навучэнцам дазвалялася знайсці ў сетцы Інтэрнэт. Гэта  яшчэ больш абудзіла цікавасць вучняў да творчасці пісьменніка. Падчас мерапрыемства прагучалі правільныя адказы на пытанні віктарыны, былі падведзены вынікі і ўзнагароджаны пераможцы.

Мужна і прыгожа пражыў Максім Багдановіч сваё такое кароткае і такое змястоўнае жыццё . Але не знік , не растварыўся ў плыні часу, бо след, які ен пакінуў у беларускай літаратуры, культуры -- яркі, самабытны, арыгінальны.

 

 А.Г.Захарава, настаўнік беларускай мовы і літаратуры