Міжнародны дзень роднай мовы

21.02.2023

21 лютага 2023 года ў ДУА “Дамашыцкая  базавая школа”  Пінскага раёна прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы, мэтай якіх з’яўлялася папулярызацыя і паглыбленне ведаў па беларускай мове.          

Дзецi і настаўнікі з захапленнем размаўлялі па-беларуску, навучэнцы чыталі і расказвалi вершы беларускіх паэтаў аб роднай мове. Ласкавае, мілагучнае беларускае слова запоўніла ўсю школьную прастору. І кожны пераканаўся ў тым, што наша мова самая прыгожая і непаўторная, што карыстацца ёю ў паўсядзённым жыцці – адна асалода.

Таксама вучні школы змаглі паспрабаваць свае сілы ў розных моўных спаборніцтвах. Так, вучні пачатковых класаў прынялі ўдзел у турніры “Знаўцы роднай мовы”.

Навучэнцы 5 класа паказалі добрыя веды па беларускай мове падчас правядзення тэст -гульні “Цікавыя  беларускія  словы”.

 

Цiкава прайшла конкурсная праграма - турнір “Адкрываю нанова беларускае роднае слова” ў 6 класе, дзе вучням былі прапанаваны заданні, пры выкананні якіх яны змаглі паказаць  не толькі  свае веды па мове, але і кемлівасць.

Для навучэнцаў старэйшых класаў прайшоў гістарычны экскурс “Родная мова”, падчас якога яны успомнілі гісторыю заснавання Міжнароднага дня роднай мовы, пазнаёміліся з асноўнымі этапамі развіцця беларускай мовы  і зрабілі вывад, што родная мова – жыцця першааснова, і пакуль жыве наша мова – жыве народ беларускі. Сваё веданне беларускай мовы яны змаглі прадэманстраваць падчас інтэлектуальна-пазнавальнай гульні «Што? Дзе? Калі?».

Верыцца, што навучэнцы нашай школы будуць расці з разуменнем, што найвялікшы скарб народа – гэта яго нацыянальная мова – цудадзейная скарбонка Беларусі, адна з найпрыгажэйшых моў свету, самая мілагучная, песенная і паэтычная.

 

Аксана Георгіеўна Захарава, настаўнік беларускай мовы і літаратуры